ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ДЫНА́МІКА,
змяненне колькасных характарыстык і якаснай структуры эканомікі ў выніку яе развіцця. Адрозніваюць 2 віды Э.д.: макраэканамічную — развіццё на нац. узроўні і мікраэканамічную — змены ў часе асобных лакальных яе звёнаў (рынкаў, фірм). Паняцці «статыка» і «дынаміка» ўвёў амер. эканаміст, заснавальнік гранічнай прадукцыйнасці і капіталу тэорыі Дж.Кларк, які лічыў, што дынаміка здольная растлумачыць пераход ад аднаго раўнаважнага стану эканомікі да другога і вызначыць прычыны парушэння раўнавагі (неадпаведнасць попыту і прапаноў, галіновыя дыспрапорцыі і г.д.). Тэорыя Э.д. ўзнікла ў канцы 1930-х г. (Е.Домар, Дж.Робінсан, А.Хансен, Д.Харыд). Яна абгрунтоўвае ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасць асн. катэгорый расшыранага ўзнаўлення. Уключае некалькі канцэпцый, у т. л. кумулятыўнага попыту (інвестыцыйная тэорыя), якая трактуе механізм расшыранага ўзнаўлення як тэхніка-эканам. працэс і ўзаемасувязь паміж накапленнем і спажываннем разглядае праз дзеянне сістэмы акселератар — мультыплікатар. Сродак пераадолення спаду пры дасягненні мяжы занятасці — меры дзярж. рэгулявання ў рамках «убудаваных стабілізатараў»; падаходнага падаткаабкладання, зарплаты, рознічных цэн, страхавання, дапамогі па беспрацоўю і інш. У тэорыі зберажэнняў працэс накаплення разглядаецца як сукупны вынік індывід. зберажэнняў (для задавальнення патрэбнасцей чалавека на працягу яго жыцця і для перадачы спадкаемцам). Канцэпцыя ўраўнавання эканамічнай дынамікі — формулы расшыранага ўзнаўлення, ураўнавання накаплення капіталу, што адлюстроўваюць рух толькі назапашанай часткі прыросту прадукцыі.
Г.А.Шмарлоўская.
т. 18, кн. 1, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)